ГЕРМА́НСКАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА

(Deutsche Demokratische Republik, ГДР),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн. чал. (1985). Сталіца — г. Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр. Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням. нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав. ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац. нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст. ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс. чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд. дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).

Літ.:

Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;

История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;

Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.

В.М.Пісараў.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)